Прарок (19) (исполнитель: Янка Купала)
Сярод маны, сярод насмешкаў, Знак нейкі тулячы к грудзям, Ішоў прарок пясчанай сцежкай З навукай новаю к людзям. Праціўны вецер лез у вочы I плачам пеў, як дзіцянё, Звяр'ё зубамі йграла ўночы, Днём выла ў небе груганнё. А ён, не знаючы граніцаў, Ішоў, хістаючысь наўслонь; Агонь біў толькі з-пад зраніцаў, Вялікіх праўд святы агонь. Душа палала дзіўным жарам, Бы з зораў выснутая ніць, Што свет магла б сваім пажарам Абвіць і к сонцу ўваскрасіць. Ужо з сваім аклічным словам Прарок далёка быў вядом, Народу шмат збудзіў к дням новым, Даў славу братнюю братом. Аж так дасяг – аквечан хвалай – Зямлі забранай сумных хат, Дзе царства цемры панавала, Дзе сілу ўзяў над катам кат. Народ змарнеўшы таго краю Свайго нат імені не знаў, Як непатрэбшчына якая, Гібеў на свеце і канаў. Галовы людзі пахіліўшы, Зямлю капалі, як краты, Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы Усе жаданні яснаты. Прарок – пасол святла – ў загону Людзей убачыўшы такім, Маячыць стаў ім, як шалёны, Прарочым голасам сваім: «Паўстаньце, рабскія натуры, Пакіньце свой адвечны сон, Загаманіце віхрам, бурай, Каб ажна дрогнуў ваш палон! Глядзіце: прадзедавы косці Ў зямлю калісь за вас ляглі, А вы, як збэшчаныя госці, Пракляццем сталі той зямлі. Дзе вашы песні жыватворны? Дзе ў вас прарокі й дудары, Што над пагібельнасцяй чорнай Віталі б полымем зары? Забылі ўсё, згубілі долю, Змяшалі славы цвет з гразёй I запрадаліся ў няволю, З душой і скурай счэзлі ў ёй. Пара у рукі браць паходні, Ўставаць, ісці, ноч рассвятляць! Бо што не возьмеце сягоння, Таго і заўтра вам не ўзяць. Назло крывавым перашкодам Скідайце ёрмы, клічце сход, I дайце знаць другім народам, Які вы сільны йшчэ народ! За мной, за мной, забраны людзе! Я добрай доляй послан к вам I знаю, што было, што будзе, I вас у крыўды не аддам». Так гаварыў і з рабства клікаў Людзей на волю той прарок, Ждучы з трывогаю вялікай Ад іх адказу неўнарок. А людзі, глянуўшы на сонца, Адказ казалі грамадой: – Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой? Дарэвалюцыйныя вершы 1912