Кандрат Крапіва - Дыпламаваны баран (исполнитель: Елена Болотова)
У адным сяле (не важна — дзе) Хадзіў Баран у чарадзе. Разумных бараноў наогул жа нямнога, А гэты дык дурней дурнога — Не пазнае сваіх варот: Відаць, што галава слабая. А лоб дык вось наадварот — Такога не страчаў ніколі лба я: Калі няма разумніка другога, Пабіцца каб удвух, Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух! У іншага дык выскачыў бы й дух, А ён — нічога. I вось за дурасць гэту Яго вучоным раз празвалі нейк насмех, А каб двара не перабег, На шыю прывязалі мету. — Вось, — кажуць, — і дыплом табе. Што гэта за «дыплом», Баран ні «мя» ні «бэ», Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца: — А што ж ты думала, сястрыца! Хіба мне пахваліцца няма чым? Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою, I не раўнуйся ты са мною. — Аб гэтым лепей памаўчы, — Сказала яму Кошка. — Каб ты быў разумнейшы трошка Ды розумам раскінуць мог авечым, То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым, Бо заслужыў ты свой дыплом Не галавой, а лбом. Другі баран ні «бэ», ні «мя», А любіць гучнае імя.