Дзе мой край (исполнитель: Тодар)
Дзе мой край? Tам, дзе вечную песню пяе Белавежа, Там, дзе Нёман на захадзе помнiць варожую кроў, Дзе на ўзвышшах Наваградскiх дрэмлюць суровыя вежы I вяшнёвыя хаты глядзяцца ў шырокi Дняпро. Ты ляжыш там, дзе сiняя Прыпяць ласкава вiецца, Дзе Сафiя плыве над Дзвiною нiбы карабель... Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца, Калi б нават сляпым i глухiм я прыйшоў да цябе. Што сляпым? Нават мёртым успомню высокiя зоры, Над ракою чырвонай i цмянай палет кажаноў, Белы ветразь на сiнiх, на гордых, як мора, азёрах I бары-акiяны, i неба - разлiвы iльноў. Дзе мой край? Там, дзе людзi нiколi не будуць рабамi, Што за полiўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асiлкi-хлапцы маладымi ўзрастаюць дубамi, А мужчыны, як скалы, - ударыш, i зломiцца меч. Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкi ў хвоях паснулi, Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, А дзяўчаты, як дождж залаты. А сiвыя матулi, Як жнiў'ё з павуцiннем i добрае сонца ўгары. Там звiняць неўмiручыя песнi на поўныя грудзi, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клянок, Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калi сонца з зямлёю ў апошнi заглыбяцца змрок. Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскiм домам, Лiстападаўскiх знiчак густых фасфарычная раць, Ты - наш сцяг, што нiкому, нiкому на свеце, нiкому Недамо абсмяяць, апаганiць, забыць цi мячом зваяваць. Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полi, I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе. Мы клянёмся табе, што нiколi, нiколi, нiколi, Так, нiколi ня кiнем, ня кiнем, ня кiнем цябе.