Выйдзі (44) (исполнитель: Янка Купала)
Ўстань ты, старонка, родная маці! Годзе зімовага рабскага сну, Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці, — Выйдзі на поле, на сенажаці, Выйдзі спаткаці вясну! Скінь лахманы, што доўгія векі Ты валачыла з кастры, з палыну; Выйдзі з-пад дзікай зімняй апекі, Што над табою строіла здзекі, — Выйдзі спаткаці вясну! Вырылі сцюжы віхрамі, снегам Яму глыбоку табе не адну; Снежныя насыпы мела начлегам... Глянь, снягі таюць, рэчкі йдуць бегам... Выйдзі спаткаці вясну! З поўначы сівер кідаў табою, Як абадрану з лістоў галіну; З захаду зверы йшлі чарадою Рваць твае грудзі... Выйшла жывою, — Выйдзі ж спаткаці вясну! Дзетак тваіх скрозь крыўдай сляпілі, Мучылі, гналі без часу ў труну, Казак вучылі, што ты ў магіле, Толькі ж бліск сонца здраду асіліў... Выйдзі спаткаці вясну! Ясна, святочна ў красы ўбярыся, Птушкай свабоднай сягні ў вышыну, З сонцам злучыся, зорамі йскрыся, Песняй распейся, славай акрыйся, Выйдзі спаткаці вясну! Сплецену з церняў маеш карону, Хорам твой — неба і нівы краса, Царства ў чатыры дрэмле староны, Слугі — мазольных рук міліёны... Выйдзі... Чакае вясна!.. 1912