Дзе мой край (Караткевiч) (исполнитель: Зьмiцер Вайцюшкевiч)
Верш: Уладзімер Караткевіч. Музыка: Зьміцер Вайцюшкевіч. Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа, Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро. Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель... Там, дзе сэрца маё зь першым крокам, як молат, заб'ецца, Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе. Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры, Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў, Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах, І бары-акіяны, і неба - разьлівы ільноў. Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі, Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч. Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі, Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі, Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары. Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок. Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць, Ты - наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому Не дамо абсьмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць. Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе. Мы клянёмся табе, што ніколі, Ніколі, Ніколі, Так, Ніколі ня кінем, Ня кінем, Ня кінем цябе.