Отсутствует (исполнитель: Неизвестен)
На небе месяц ўстаў зялёны І хутка стане снегавым... Над лесам, дзе шапочуць клёны, У небе месяц ўстаў зялёны... Ўсё спіць. Не бачыць свет стамлёны, Што, свецячы праз хмарак дым, У небе месяц ўстаў зялёны І хутка стане снегавым. ********************** Добрай ночы, зара-зараніца! Ўжо імгла над зямлёю лажыцца, Чорнай рызай усё пакрывае, Пылам зор небасхіл абсявае. Цішыня агартае мне душу. Вецярок прыдарожную грушу Ледзьве чутна варуша-калыша, Міла бомы смяюцца ў цішы, Ціха срэбрам грукае крыніца. Добрай ночы, зара-зараніца! ********************** Учора шчасце толькі глянула нясмела, – I развеяліся хмары змрочных дум. Сэрца чулае і млела, і балела, Радасць душу мне шчаміла, быццам сум. Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея. Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць. Як зрабілася, што пакахаў цябе я, – Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць? ********************** Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкi з сабой прывяла... Помнiш, калi я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла. З гэтай пары я пачаў углядацца Ў неба начное i зорку шукаў. Цiхiм каханнем к табе разгарацца З гэтай пары я пачаў. Але расстацца нам час наступае; Пэўна, ўжо доля такая у нас. Моцна кахаў я цябе, дарагая, Але расстацца нам час. Буду ў далёкім краю я нудзіцца, Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю; Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Глянь іншы раз на яе, – у расстанні Там з ёй зліём мы пагляды свае... Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, Глянь іншы раз на яе... ********************** Ўжо пара мне дадому збірацца, - Вечар позны, а час не стаіць. Ах, калі б ты магла здагадацца, Як не хочацца мне ухадзіць. Там, на вулцы, ні сівер, ні бура, Там адно толькі - мрок, самата. Але як я маркотна, панура Да свайго пацягнуся кута. Думкі нудныя зноў закружацца. Сэрца чулае зноў забаліць.. Ах, калі б ты магла здагадацца, Як не хочацца мне ухадзіць.