Годзе! (исполнитель: Янка Купала)
Годзе брахні ўжо, падкупленых зводаў! Годзе таптання праўд вечных, святых! Сцежку свабоднаму духу народу, Сцежку да сонца і зор залатых! З году у год мы жылі, як жывёла, З году да году чакалі святла... Што ж нажылі мы, як глянуць наўкола, Што нам апека тут наша дала? Тыя, ў дагонцы за блескам часовым, Браццяў запрэглі ў нявольнічы плуг, Тыя, таргуючы імем Хрыстовым, Цемру і здраду спладзілі ўвакруг. * Годзе заходняй ці ўсходняй культуры! Для беларуса цана ім адна. Ўсе вы, панове, аднакай натуры: З сэрца чужога кроў ссалі б да дна. Вашу карысць нам і вашы заслугі Добра ўжо скеміў таптаны народ: Добра вядомы і путы і пугі, Песціў якімі ваш Захад і Ўсход. Мы не пакінем свае папялішчы, З сцежкі — наперад, не пойдзеш назад. Смела здрузгочам старыя бажышчы, Новым законам збудуем пасад. * Годзе нам сілу прыблудаў вялічыць Дзецьмі, багаццем радзімай зямлі! Нашы загоны даўжо ўжо нас клічуць, Нашы загоны, што зеллем зраслі. Досіць ішлі на чужым павадку мы Доўгія векі без веры ў сябе; Мы ўжо не тыя, — інакшыя думы Выраслі з намі, завуць к барацьбе. Станем к змаганню мы з ведзьмаю-крыўдай Дружна, адважна, плячо у плячо: Рухне старое, хоць крэпкае з віду, Яснае, вольнае створым жыццё. * Годзе нам есці аб'едкі і косці, Злыбедзе ўсякай паклоны дарыць! Гаспадары мы ў сябе, а не госці, Час к панаванню нам след церабіць! Тое, што ўзята маною дачэсне, Вечна не будзе душыць, як прыгон; Наша вярнуцца к нам мусіць канешне, — Гэткі ўжо быту народаў закон. Гібне памрока, душыўшы ад векаў, Сонца і зоры к сабе свет завуць — Сцежку свабоднай душы чалавека! К вольным дням вольныя людзі ідуць! 1912 г.