Отсутствует (исполнитель: Неизвестен)
Максім Багдановіч "Пагоня" Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, - Ўспомню Вострую Браму сьвятую І ваякаў на грозных канях. Ў белай пене праносяцца коні, - Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. У бязьмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі - гады. Вы за кім у пагоню сьпяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Мо яны, Беларусь, панясьліся За тваімі дзяцьмі наўздагон, Што забылі цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон? Біце ў сэрцы іх - біце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць... Маці родная, Маці-Краіна! Не ўсцішыцца гэтакі боль... Ты прабач, ты прымі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь!.. Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. 1916 год