Бабулька – прадаўшчыца зёлак (исполнитель: Песняры)
У Мінску на рынку, Ў канцы агароды, Бабулька старая Садзіцца заўсёды. Усякія зёлкі На рынак прыносіць І людцаў прахожых Купляць у ёй просіць. Ляжаць перад бабкай, Ці вечар,ці ранак, Пучкі дзівасілу, Чабор і румянак. Ад кожнай хваробы Ё зёлкі, карэнне; Лячыць можа імі Падвей, парушэнне. І любчыку нават Дасць вам пад сакрэтам Ды наўча, як зводзіць Любізнічкам гэтым. І ўсякіх, усякіх Дастанеце лекаў, Якіх толькі людзі Не зналі ад векаў. Шмат летак бабульцы: Трасуцца ўжо рукі - Ёсць пэўна унукі, Э ! Нават праўнукі. Усяк ёй жылося На свеце на Божым - І смутна,самотна, І з хлопцам прыгожым. І слёзы ліліся, І песні звінелі, Малойцавы грудзі Туліла ў пасцелі. Ды ўсё ж праляцела, Як яснай маланкай; Спяць думкі і песні, Ў магіле спіць Янка. Эй ,моладасць- радасць Мінула ўдалая! А старасць-няўдаласць Ніяк не мінае. І кепска бабульцы: Сівая,худая, Брак сіл працаваці, Дык зёлкі збірае. Нясе іх да Мінска, На рынку садзіцца, Збывае і вуча, Як трэба лячыцца. А можа,паможа Душы хоць адной дзе, І праца бабулькі На марна не пойдзе.