Малiтва (исполнитель: Александра Курневская (Могилев.Белоруссия))
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, Распетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй. Я буду маліцца да яснага сонейка, Няшчасных зімой саграваць сірацін, Прыветна па збожных гуляючы гонейках, Часцей заглядаці да цёмных хацін. Я буду маліцца да хмараў з грымотамі, Што дзіка над намі гуляюць не раз, Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі, Градоў, перуноў не ссылалі падчас. Я буду маліцца да зорак і жаліцца, Што гасяць сябе надта часта яны, Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца, З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны. Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю, Каб лепшаю ўродай плаціла за труд, Збагаціла сельскую хату пахілую, Надзеі збытымі убачыў наш люд. Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, Распетаю буду маліцца душой, Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.