Отсутствует (исполнитель: Неизвестен)
Кветка ў нетрах лясных распускалася, Залатая, агністая, сіняя, На купаллі, на росным купаллі, Ў бураломнай лясной лагчыне. У глушы, дзе туманы белыя, Дзе жывуць лесуны і трасца, Як заўсёды, шукалі смелыя Кветку-папараць, кветку шчасця. Як жадалі мець гэту кветку Цёмных пушчаў глухія шаты, Каласы на бедных палетках, Людзі ў цёмных, закураных хатах! Ўсё было ў тую ноч звычайным: Над агнямі лёталі цені, Пяткі "Янку" прывычна чаканілі, Пахла мёдам мурожнае сена. За вячэру скупую сядалі Дзеці бедныя пры лучыне; Загубіўшы вянок, рыдала Панам збэшчаная дзяўчына. У клапоўніку лаяўся п'яны, За карчмою кагосьці білі, Хтось на пузе ляжаў адшмаганы, І кабета над ім галасіла. З каліты салёнай, парожняй Залатоўку узяўшы ў рукі, Дзед шпурляў яе ў "божае вогнішча", Каб сухоты пусцілі ўнука. Ўся краіна над працай гарбела, Ела бульбу, не бачыла сала, Ўсе маліліся, ўсе цярпелі, І ўсе, як нямыя, маўчалі. І не ведалі вёскі ў дубровах, Людзі хмурыя і палеткі, Што ўсяму ўжо знайшлося Слова, Што яно прагрыміць над светам, Што язык залаты атрымалі Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты, Рэчак поўных лянівыя хвалі, Занядбаныя, чорныя хаты. Хоць нясцерпным ставала гора - Наваколле пакуль што маўчала. Ноч плыла агнямі і зорамі... Нарадзіўся Янка Купала.